КУЯЛЬНІЦКІ КУРО́РТ, Куяльнік,
бальнеагразевы курорт на Украіне. У складзе Адэскай групы курортаў, за 10 км ад г. Адэса, на беразе Куяльніцкага лімана. Адзін са старэйшых гразевых курортаў (першыя ўстановы пабудаваны ў 1833). Асн. лек. прыродныя фактары: глеевыя сульфідныя гразі (запасы каля 20 млн. м3), ліманная рапа (мінералізацыя да 190 г/л, мае ў сабе серавадарод, бром, жалеза і інш.), хларыдна-гідра-карбанатна-натрыевыя воды мясц. мінер. крыніц (пітныя лячэбна-сталовыя і для ваннаў, наладжаны прамысл. разліў). Гразе-, бальнеа-, аэрагелія- і таласатэрапія хвароб суставаў, нерв. сістэмы, гінекалагічных, некат. страўнікава-кішачных. Санаторыі, пансіянаты, бальнеа- і гразелячэбніцы, установы для амбулаторна-курсовачнага лячэння.
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)